СТЭ́ФАНА—БО́ЛЬЦМАНА ЗАКО́Н ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

фізічны закон, які вызначае поўную (па ўсіх даўжынях хваль) выпрамяняльную здольнасць абсалютна чорнага цела. Паводле гэтага закону U = σ T​4, дзе U — поўная (інтэгральная) выпрамяняльная здольнасць і T — абс. тэмпература абс. чорнага цела, σ — Стэфана—Больцмана пастаянная. Адкрыты эксперыментальна І.​Стэфанам (1879) і тэарэтычна абгрунтаваны з пазіцый тэрмадынамікі Л.​Больцманам (1884). Вынікае з Планка закону выпрамянення пры інтэграванні спектральнай выпрамяняльнай здольнасці абс. чорнага цела па ўсіх частотах (ад 0 да ∞). Выкарыстоўваецца ў піраметрыі для вымярэння высокіх тэмператур.

т. 15, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)